измерьте скорость интернета
html clocks часы для сайта

Гісторыя бібліятэк раёна пачынаецца з даваенных часоў.

На заснаванні звестак архіўных фондаў Бабруйскага дзяржаўнага занальнага архіву ў даваенны перыяд у раёне дзейнічалі 16 хат-чытальняў з колькасцю кніг 27100 адзінак і 27 калгасных бібліятэк, у якіх налічвалася 4000 кніг.
У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэкі і кнігі былі знішчаны.
Пасля вызвалення раёна пачалося аднаўленне былых бібліятэк і адкрыццё новых. З 1944 па 1945 гг. усе хаты-чытальні, якія працавалі да вайны былі адноўлены.

1947 год. У раёне адкрываецца Глушанская пасялковая бібліятэка.

У перыяд з 1946 – 1952 гг. бібліятэчная сетка раёна прадстаўлена: раённая бібліятэка (12 185 кніг), сельскія бібліятэкі – 3 ( 2 201 кніга), хаты-чытальні – 17 ( 16 671 кніга).

1965 год. Рашэннем Бабруйскага райвыканкама № 370 ад 29.05.1965 г.адкрываецца раённая дзіцячая бібліятэка.

Паступова ў ходзе аднаўлення народнай гаспадаркі пашыраецца сетка бібліятэк. На базе існуючых хат-чытальняў і прыклубных бібліятэк ствараюцца сельскія бібліятэкі, паляпшаецца іх матэрыяльная база.

У канцы 70-х на пачатку 80-х гг. у раёне дзейнічаюць раённая, раённая дзіцячая, Глушанская пасялковая і 42 сельскія бібліятэкі. Усяго – 45 бібліятэк.

1978 год. У мэтах паляпшэння бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, забеспячэння якаснага камплектавання і найболей эфектыўнага выкарыстання кніжнага фонду ў адпаведнасці з Пастановай ЦК КПСС ад 08.05.1974 г.”Аб павышэнні ролі бібліятэк ў камуністычным выхаванні працоўных і навукова-тэхнічным прагрэсе” у раёне ажыццяўляецца цэнтралізацыя дзяржаўных масавых бібліятэк.

Ствараецца адзіная цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма (ЦБС ), якая аб’ядноўвае 45 бібліятэк.

Згодна рашэння Бабруйскага райвыканкама № 14-10 ад 26.01.1978 г. “Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк раёна”, раённая бібліятэка набывае статус Цэнтральнай бібліятэкі і становіцца арганізацыйна-метадычным цэнтрам.

Пазней раённая дзіцячая бібліятэка рэарганізуецца ў аддзел па рабоце з дзецьмі Цэнтральнай бібліятэкі.

Цэнтралізацыя бібліятэк значна палепшыла іх матэрыяльнае становішча:пашырыліся плошчы, набыта новае бібліятэчнае абсталяванне, палепшылася камплектаванне кніжных фондаў. У цэнтральнай бібліятэцы з’явіўся бібліёбус для дастаўкі кніг у сельскія бібліятэкі, на перасоўкі, бібліятэчныя пункты і правядзення культурна-масавай работы сярод насельніцтва раёна.

Пашырыла свае плошчы і цэнтральная бібліятэка. Яна поўнасцю размясцілася ў прыгожым гісторыка-архітэктурным будынку – драўляным доме, які з’яўляецца помнікам гісторыі і архітэктуры стылю “мадэрн” 19 ст., у якім знаходзіцца і зараз.

У адпаведнасці са сваім статусам у цэнтральнай бібліятэцы арганізуюцца новыя аддзелы – камплектавання і апрацоўкі літаратуры, абслугоўвання чытачоў з чытальнай залай, методыка-бібліяграфічны.

Кніжны фонд на той момант па сістэме налічваў 380 000 экз. выданняў, кнігавыдача складала – 551 000 экз., чытачоў – 26 770.

За гады пасля цэнтралізацыі бібліятэчная сетка раёна значна змянілася.

З 2000 года ў цэнтральнай бібліятэцы паспяхова ажыццяўляецца аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў.

На сёняшні момант у арсенале бібліятэкі 6 камп’ютараў, 5 прынтараў, у т.л. 1 каляровы, ксеракс, сканер, дзейнічаюць электронная пошта, Інтэрнэт. Электронны банк даных цэнтра прававой інфармацыі папаўняецца новай базай “Бізнес-Беларусь”. На базе цэнтра працуе “Прававое даведачнае бюро” , дзе па папярэдняй заяўцы можна атрымаць бясплатную кансультацыю юрыста па прававых пытаннях.

2003 год. На базе даведачна-бібліяграфічнага аддзелу Цэнтральнай бібліятэкі ствараецца Публічны Цэнтр прававой інфармацыі, мэта якога садзейнічанне фарміраванню прававых ведаў сярод насельніцтва.

Электронная база даных “Эталон” на канец 2006 года змяшчае 55 597 заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь.

2004 год. Адкрываецца філіял ПЦПІ на базе Туголіцкай сельскай бібліятэкі. У 2006 годзе Туголіцкая бібліятэка атрымлівае сучасны камп’ютар і падключаецца да сеткі Інтэрнэт.

2005 год. З’яўляецца новы тып установы культуры, які аб’ядноўвае функцыі некалькіх устаноў. На базе Шчаткаўскай сельскай бібліятэкі і Шчаткаўскага сельскага клуба ствараецца Шчаткаўскі сельскі клуб-бібліятэка (Рашэнне Бабруйскага райвыканкама № 13-50 ад 22.12.2005 г.)

Па стану на 01.01.2006 г. бібліятэчная сістэма аб’ядноўвае 30 бібліятэк (цэнтральная, Глушанская пасялковая, 28 сельскіх) з кніжным фондам 384 810 адзінак.

На працягу 2006-2007 гадоў прадаўжаецца далейшая рэарганізацыя сельскіх бібліятэк і клубаў ва ўстановы новага тыпу:
“бібліятэка-клуб”,
“клуб-бібліятэка”.

Такім чынам з’яўляюцца Панкратавіцкая, Стасеўская, Юбілейная бібліятэкі-клубы. Плёская, Туркоўская, Дойнічаўская, Бярэзавіцкая, Пятровіцкая, Брожская сельскія бібліятэкі рэарганізуюцца ў клубы-бібліятэкі.

Па стану на 01.07.2007 г. бібліятэчная сетка раёна прадстаўлена 23 бібліятэкамі (Цэнтральная, Глушанская пасялковая і 21 сельская).

Падпіска перыядычных выданняў – звыш 80 назваў газет і часопісаў.

Бібліятэкамі раёна штогод карыстаюцца 20450 чытачоў, у т.л. 5 312 – дзяцей. Кнігавыдача складае 344 890 экз.

Працуюць 18 аматарскіх аб’яднанняў, 15 дзіцячых гурткоў, з якіх 3 лялечныя ( Гарбацэвіцкая, Стасеўская, Рэдкарожская сельскія бібліятэкі).

У сістэме бібліятэк працуюць 53 бібліятэкары, у т.л. у сяле – 33.

82% спецыялістаў у цэлым па сістэме, 70% спецыялістаў сярод сельскіх бібліятэк, 100% - па Цэнтральнай бібліятэцы.

З 2000 года наведвальнікам бібліятэк аказваюцца платныя паслугі, у пераліку – 27 відаў. У 2005 годзе аказана паслуг на суму 5,6 млн. рублёў, 2006 г. – 7,6 млн. рублёў. План паслуг 2007 г. – 9,0 млн. рублёў.

Асноўнае месца ў сістэме бібліятэк раёна належыць цэнтральнай бібліятэцы.

На базе бібліятэкі дзейнічаюць 3 аматарскія аб’яднанні (літаратурна-музычны салон “Камертон”, “Прававы поезд”, прафесійны клуб бібліятэкараў “Думка”), дзіцячы гурток “Кнігавічок”.

2005 год стаў зыходнай кропкай у рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы аднаўлення і развіцця вёскі, адпаведна якой у раёне ствараюцца аграгарадкі – Бортнікі, Кавалі, Гарбацэвічы, Міхалёва, што станоўча ўплывае і на развіццё матэрыяльнай базы бібліятэк аграгарадкоў.

Бібліятэкі аграгарадкоў Бортнікі, Кавалі, Гарбацэвічы атрымліваюць камп’ютары і з 2006 года падключаны да сеткі Інтэрнэт.

У 2007 годзе адкрываюцца аграгарадкі ў в. Хімы і пас. Леніна.

Гісторыя развіцця бібліятэчнай справы ў раёне не з’явілася сама па сабе. Яе стваралі і ствараюць сваёй руплівай, самаадданай працай не адно пакаленне ўлюблёных у сваю прафесію бібліятэкараў.

Сярод іх – Панфілава Зінаіда Пятроўна, былая загадчыца раённай бібліятэкай, Валеева Зінаіда Ахметаўна, першы дырэктар ЦБС, Балыка Ганна Барысаўна, Гарошка Яўгенія Цімафееўна, Юшкевіч Клаўдзія Фёдараўна, Пеўзнер Антаніна Іванаўна, Мароз Валянціна Ўладзіміраўна, Дзікая Лізавета Аляксееўна, Дударэнка Ганна Сяргееўна – бібліятэкары сельскіх бібліятэк, ветэраны бібліятэчнай справы і многія, многія сучасныя работнікі бібліятэк, якія з гонарам прадаўжаюць добрыя справы і традыцыі сваіх папярэднікаў.

Создать бесплатный сайт с uCoz